Музей “Аліварыя” 22 красавiка правядзе спецыяльны Karol Jan Tour у рамках Фэсту экскурсаводаў
22 красавіка адзіны ў Беларусі музей піваварства – карпаратыўны музей “Аліварыя” – дасць ахвотным магчымасць бясплатна наведаць унікальную экскурсію пад назвай Karol Jan Tour. Мерапрыемства будзе прысвечана адной з самых знакавых асоб у гісторыі Мінска – графу Каралю Яну Чапскаму.
Чапскі — адзін з самых паспяховых кіраўнікоў Мінска, горача захоплены сваёй справай, які шчыра любіў Мінск і ператварыў яго ў сапраўдны еўрапейскі горад. Граф быў не толькі прадпрымальнікам, актыўным грамадскім дзеячам і ініцыятыўным чалавекам: таксама ён быў піваварам, які па старадаўніх нямецкіх рэцэптах варыў у Мінску якаснае піва. На шчасце, да нашых дзён захаваўся бровар, на якім вырабляўся той самы напой, а брэнд “Аліварыя” стаў працягам найлепшых традыцый піваварства. Піва на прадпрыемстве варыцца па тых запаветах, якія пакінуў нашчадкам Чапскі.
Праграма экскурсіі будзе складацца з наведвання гістарычнага будынка піваварнага завода “Аліварыя” з акцэнтам на асобу графа, які шмат зрабіў не толькі для старэйшага дзейнага ў Беларусі бровара, але і для беларускай сталіцы, будучы гарадскім галавой на працягу дзясятка гадоў. Экскурсія пройдзе на беларускай мове.
“Асоба Караля Яна Чапскага – гэта падстава для гонару. Не толькі таму, што ў XIX стагодзі ён шмат зрабіў для бровара і Мінска, але і таму, што гэты вобраз яскравага чалавека, з вельмі шырокім кругаглядам ды нестандартнымі падыходамі да справаў натхняе і сёння ствараць новыя падставы для гонару”, – тлумачыць менеджар па карпаратыўных камунікацыях піваварнай кампаніі “Аліварыя” Вольга Каўрыгіна.
Акрамя экскурсіі па гістарычнаму маршруту, праграма ўключае ў сябе дэгустацыю піва лінейкі Karol Jan, прысвечанай выбітнаму мінчуку і півавару, ва ўтульнай выставачнай зале музея.
Удзел у экскурсіі бясплатны па папярэдняй рэгістрацыі, якая будзе ў хуткім часе адкрыта на сайце арганізатараў http://festguides.by/program/.
Збіраюцца 2 групы – у 12.00 і 14.00.
Сачыце за інформацыяй у групах музея: